 |
Успаміны без каментарыяў. Тое, што было, не адмяніць ніякім указам і не падпарадкаваць ніякаму закону. Як гэта скончылася, ведаюць ледзве не немаўляты. Але ж як гэта пачыналася? Ты памятаеш? Game over. Катапульта рыхтуецца да запуску. Чырвоная лямпачка сігналізуе пра небяспеку. Дзесяць, дзевяць, восем… Сумесь белага, чырвонага і чорнага на цыдульках: "Гульня скончана". Сем, шэсць, пяць… Афіцыйнае прэс-канферэнцыйнае тлумачэнне: спакойна, людзі, чарговая правакацыя. Чатыры, тры, два… сакрэтныя пасяджэнні ў рэктараце і папярэджанні "добразычлівых" выкладчыкаў: каму хочацца спакойна давучыцца, той не будзе браць удзел у сумніцельных акцыях. Вам ясна? Усім ясна. Адзін, нуль! Усё. GAME OVER. А ты пойдзеш на МС-ІІ? Праспект Скарыны. Побач мятро. 14.00. "Прабачце, калі ласка, як вы ставіцеся…". Маладая пара шарахнулася ў бок, нібы ад пацука. Зразумела. Прабачце за тое, што патурбавала. 14.15. Юнак год 18-ці з бел-чырвона-белай "фенькай". Наш чалавек. Назваўся Алесем. Алесь, ты пойдзеш на МС-ІІ? - Зразумела. Калі мы, маладыя, не пачнем актыўна дзейнічаць сення, заўтра можа быць позна. Ты хочаш, каб твае дзеці жылі пры паліцэйскім рэжыме? Трэба змагацца за свае спрадвечныя правы, каб усё тое, што дэкляравана канстытуцыяй, ператварылася ў рэальнасць. Не, я не баюся, што мяне выключаць з інстытута. Калі яно так адбудзецца, гэта значыць, што ўлада баіцца за сваю бяспеку, і таталітарная сістэма пахіснулася. Карацей, да сустрэчы 15 і 25 сакавіка! Бывай. Увесь гэты натхнены спіч перакладзены дзеля большай зразумеласці з чысценькай тарашкевіцы. Спадзяюся, без памылак. Дзякуй, Алесь, за шчырасць. 14.40.З метро выбегла стайка дзяўчатак.Вы пойдзеце на МС-ІІ? - Што ты! Нас асабіста дэкан папярэдзіў, каб не хадзілі. І ўвогуле, што там рабіць? Крычаць, шкло ў пад'ездах біць, каменнем шпурляцца? У мінулы раз па тэлебачанні паказалі, чым усе скончылася. Так што дурных няма, дзякуй за запрашэнне. А я і не запрашаю. Я проста цікаўлюся. Вас таксама можна зразумець: спатканні, канспекты, сяброўкі і ў цэлым лянота… Ну, што можа быць цікавага ў палітыцы? 15.00. Змрочны дзядок пенсійнага ці перадпенсійнага ўзросту, але ж вельмі бадзёры. Прадставіцца карэспандэнтам радыё "Свабода" ці "Звязды"? Ну, была не была. Як вы ставіцеся да МС-ІІ? - Я сам з-пад Харкава, бацька быў вайскоўцам, мы па ўсей краіне (я маю на ўвазе тую вялікую краіну, што звалася СССР) праехалі. Потым перавялі ў Мінск, ды неяк тут і засталіся. Усё свядомае жыцце я лічыў сябе грамадзянінам Расіі. Родная мова -- руская. Я падтрымліваю курс на збліжэнне дзвюх рэспублік. Таму лозунгі, кшталту "Маскалі, go home!", мяне асабіста закранаюць за жывое і вельмі крыўдзяць. Сам я на гэты карнавал не пайду, і ўнукам закажу. Зразумела. Воля ваша. Вы ж верыце, што жывяце ў "свабоднай, дэмакратычнай дзяржаве". "Блажен, кто верует, тепло ему на свете". А вунь той хлопчык не верыць. І гэтыя юнакі таксама. І дзяўчына з бел-чырвона-белай стужкай у валасах. І група студэнтаў ліхаманкавым ззяннем інтэлекту ў вачах. І гэты. І той. І… Што вы кажаце? Свабоды на ўсіх не хопіць? Паглядзім… А ТЫ ПОЙДЗЕШ НА МС-ІІ?
|
 |