РайOnline
Перейти к предыдущему номеру. ВЫПУСК №8 Перейти к следующему номеру.
Здорово, когда человек думает одними мыслями!
Откровения от
Хождения
Голгофа
Перст Божий
Очертизмы
Музыкальное Кладбище
Культ
Божественная комедия
Вселенский хаос
Введите строку для поиска :

Разбітая, як яйка, пастараль. Ника Верас

Зусім ужо звыклы для нашых мясцін малюнак: "спальны" раён, маленькая харчовая крама, марозны ранак, чарга. Дзеля большай дакладнасці паведамляю: чарга за надта ж дэфіцытным на Беларусі таварам усеагульнага спажывання - курынымі яйкамі.

Адчыняецца крама а дзевятай гадзіне. Удзельнікі шырокамасштабнай нацыяныльнай гульні "Дагані прадукт", прыдбаўшы горкі вопыт, з'яўляцца пачынаюць з сямі гадзін. Але мясцовыя бабулькі дыслацыруюцца ў наваколлі яшчэ раней, займаючы чаргу на ўвесь пад'езд, знаёмых і родных. У выніку з набліжэннем запаветнага імгнення ля крамы тупае з нагі на ногу добры такі мітынг мясцовага значэння - натоўп чалавек у сто. Выгляд нібы крыху дзівакаваты, як у паляўнічых: ватнікі, валёнкі, шапкі з вялізнымі вушамі, - ледзьве што не плашч-палаткі. Аднак стаяць мірна, нават весела, запускаючы па чарзе анекдоты.

…Неяк мы праваронілі тую бабульку. Ці даўно яна стаяла, адкуль вынырнула - ніхто не бачыў. Але факт: ёй стала ну зусім холадна. Дзелавіта агледзеўшы наваколле, прайшлася па занесеных снегам газонах, назбірала пустых пластыкавых бутэлек, каляровых паперак з-пад чагосьці імпартнага, розных галінак. Ля дворніцкай нейкага там БелНДІпраекта, нікога не чапаўшы, мятла стаяла, - і тую прыхапіла. Акуратна склала ўсё гэта стажком і… запаліла. Ні на каго не зважаючы, пачала грэць рукі. Ну, народу што, - абы краму не спаліла. Але ж выскачыў з прахадной таго самага НДІ (а крама знаходзіцца пры ім, як тая задачка пры экзаменацыйным білеце) малады, зусім яшчэ "зялёны", хоць і "плямісты", хлапчук-міліцыянер, падскачыў да старой ды пачаў угаворваць:

- Бабуля, што вы робіце? Тут нельга нічога паліць!

- Уйдзі, морда праціўная! - азвалася тая.

- Бабуля, гэта ж не абы-што, а афіцыйная ўстанова!

- Уйдзі, бо паб'ю! - пагразілася бабулька. Міліцыянер пастаяў-пастаяў побач, ды і пайшоў, махнуўшы рукой, ізноў у НДІ; сапраўды, не прымяняць жа сілу супроць старой жанчыны! А на вуліцы холадна. А на прахадную пабочных пускаць пагрэцца "не паложана"…

Старая тым часам, падклаўшы ў агонь яшчэ крыху трэсачак, пачала грэць над ружавата-жоўьым полымем ужо ногі, апранутыя ў напаўжывыя боты. НДІ-шнікі, аднак, проста так здавацца не збіраліся: з вахцёрскай кабінкі выйшла досыць маладая яшчэ жанчына і рашуча накіравалася да бабулі.

- Што тут робіцца, га? Што ты тут паліш?

- Уйдзі, морда праціўная, - нават брывом не павяла старая.

- Сама спекулянтка! - "ласкава" азвалася вахцёрка.

- Уйдзі, кажу, бо паб'ю! - Бабулька выцягнула нішто сабе кіёк - маладую бярозку - і пагрозліва памахала ім у паветры.

- Пастаўце дрэва на месца, бабуля! - гэта зноў міліцыянер.

- Тут што табе - Плошча Паўстання? Ідзі на плошчу, там і палі! - З гэтымі словамі вахцёрка пад несціхаючы акампанемент "уйдзі, морда праціўная" закідала вогнішча снегам і пайшла прэч з пачуццём выкананага абавязку. Знікла некуды і старая, прабурчаўшы на развітанне: "А сволачы ж вы ўсе!".

Вось і ўсё. Пасварыліся дзве жанчыны; ці варта гэта ўспамінаў? Тым больш што яек у магазіне ўсё роўна не было (з учарашняга вечара).

А не, не забываецца. Шчыміць нешта. Трымціць. Можа, крыўда? Бо вахцёрка па ўзросце магла быць дачкой той бабулі. А бабуля, па тым жа ўзросце мяркуючы, відавочна перажыла Вялікую Айчынную. Можа, нават блакаду. І - вось такое.

Пэўна ж, ёсць у яе і ўнукі-праўнукі, якіх старая ўсёй душою любіць (якая ж бабуля не галубіць, не песціць унукаў?). Ці не дзеля іх выбралася старая на тры гадзіны ў чаргу ў гэты далёка не цеплы снежаньскі ранак? А яны, як многія іншыя, могуць не адчуць, не заўважыць, як было цяжка, і толькі здзівіцца ўвечары, вярнуўшыся дадому з работы і вучобы, - чаму ж не прынесла яек?!

P.S. Гэтая не самая вясёлая гісторыя адбылася даўно, у амаль мінулым стагоддзі. Зараз усё па-іншаму. Яйкі ёсць. Нема чагосьці іншага; можа, чалавечнасці?

Ніка Верас.

[Создатели] [Как стать автором] [F.A.Q.]