Белае і чырвонае Жыў аднойчы на свеце белы бычок, да таго белы, што снег побач з ім здаваўся жаўтаватым. Бо ўвесь бычок быў бялюткі: і сумленне ў яго было белае, і душа чыстая, белая, і толькі маленькае ягонае сэрцайка аблівалася чырвонай крывёю, калі ён чуў выпадкова ад людзей: "Ну, што ты мне тут казкі пра белага бычка расказваеш! Белае і чырвонае -2 Гэтае дзяўчо ніколі не бачыла рэкламы "Белае не апранаць", і таму апранула прыгожую белую сукеначку, і разам з сябрамі пайшло пагуляць. Але здарылася так, што ў ціхім звычайна скверыку сабраўся на той час ці то пікет, ці то мітынг. Нехта нечым шпурляў у паліцэйскіх, і адзін з іх, асабліва нервовы, паласнуў аўтаматнай чаргой скрозь натоўп, і праз усю белую сукеначку дзяўчынкі прайшла наўскос пунсова-крывавая паласа. Вось так аднавіўся бел-чырвона-белы сцяг. Зорная быліна Жыла на свеце зорка, якой так хацелася засвяціцца ў значным, адметным асяроддзі, што яна адкідвала ўсе прапановы не надта яркіх суседак-зорак. Але прайшлі гады - зорка запылілася. І ніхто не прапаноўваў ёй засвяціцца нават у самых пустых і нецікавых месцах, бо нікому яна не была патрэбная - пыльная, старая і самаўлюбёная. Пра карысць няведання Гэты чалавек нічога не ведаў: што такое цяпло і што такое холад, хто ўзяў Бастылію і як яго завуць, якое зараз надвор'е і ці патрэбны ён камусьці на свеце. Усе навокал яго шкадавалі, а адзін сусед - зайздросціў. I казаў: "Паглядзіце, затое ён нічога не баіцца, ён жа проста не ведае, што гэта значыць - баяцца". Пра шкоду ведаў Жыў на свеце чалавек, які ўсё-усё ведаў: хто выйграў Кубак свету ў 1955 годзе, каго абяруць прэзідэнтам, якой тэмпературы павінна быць белае віно, як завуць бойфрэнда дачкі, калі яму паднімуць зарплату. Але толькі аднаго не ведаў і не мог уцяміць - навошта яму ўсё гэта ведаць? Ніка Верас
|