Мір, Праца, Май!!!!! Ура!!!! Няхай жыве ў стагоддзях свята працы, міра і мая! Святочнымі калонамі праходзяць уздоўж трыбун дэманстранты. "Даеш!", "Выканаем і перавыканаем!", "Не пройдзе!", "Свету-мір!" -- крычаць лозунгі. Працоўныя з усмешкамі на тварах машуць кветкамі перад аб'ектывамі тэлекамер. Мы -- на высокай трыбуне вітаем дэманстрантаў. "Галоўнае -- гэта павага да працоўнага чалавека!"Пад гэтым лозунгам выходзіць на плошчу першая калона, якую ўзначальвае прэм'ер-міністр Беларусі Уладзімір Ярмошын. Яе суправаджае 12-метровы стэнд усталеваны на аўтамабілі. Кіраўнік урада вязе з сабой дошку гонару, якую ён урачыста адкрыў у суботу. Цяпер на металічным пано, што прадстаўляе сабой выяву Беларусі з гербамі гарадоў, будуць манціраваць дошкі з назвамі паселішчаў, раёнаў, прадпрыемстваў. Гэтага гонару ўдастоены тыя, хто добра паказаў сябе ў выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, павялічэнні эфектыўнасці вытворчасці, а таксама выпуску канкурэнтназдольнай прадукцыі. "Гіп-гіп!" -- усклікае прэм'ер. "Ура!!!!" -- адказвае натоўп, і працоўныя дастаюць з кішэні сярэднюю зарплату, роўную прыкладна 30 доларам. "Даеш павялічэнне тарыфнай стаўкі першага разраду!"Патрабуюць надпісы на транспарантах дэманстрантаў-прафоргаў. Яны не жадалі адзначаць Першамай, кажучы, што ва ўмовах пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча і жыццевага ўзроўню святкаваць няма чаго. Паглядзеўшы на лозунг прафсаюзаў, лідар першай калоны Уладзімір Ярмошын адказвае: "Даем! Мы ж з вамі літаральна тыдзень таму дамаўляліся!" З першага мая, як і абяцаў кіраўнік урада, павялічана мінімальная заработная плата. Цяпер яна складае 2600 рублёў, а тарыфная стаўка першага разрада -- 5200 рублёў. Здаецца, ў новага кірауніка беларускага ўрада слова і дзела не надта разыходзяцца. Прафсаюзы радасна кідаюць у паветра гаваздзікі і цюльпаны. "Адзначым і пераадзначым!"Тым часам на плошчу выходзяць прыхільнікі сацыялістычных ідэй. Яны адзіныя хацелі святкаваць менавіта Першамай, хаця апытанні і паказвалі, што больш актуальнай датай для беларусаў з'яўляецца Пасха. Вынікі апытанняў выкарыстоўвае ў якасці кіраўніцтва да дзеяння Мінгарвыканкам і забараняе ПКБ прайсці ад Плошчы Незалежнасці да парка 50-годдзя Кастрычніка. Выказваецца прапанова адсяткаваць Першамай у беларускім Гайд-Парку (плошчы Бангалор). Камуністы ізноў пайшлі "сваім шляхам". Дый кожны сам вырашае, што лепей адзначаць: Пасху, Першамай альбо Вальпургіеву ноч! "Жыве Беларусь"Як звычайна пад гэтым транспарантам ідуць бравыя хлопцы ад БНФ. Але пачакайце... Што гэта? Хіба ў нас у вачах дваіцца? Міма плошчы праходзіць ажна дзве калоны пад аднолькавымі лозунгамі. І там БНФ, і тут БНФ. І там "жыве Беларусь, і тут тое ж сама... А справа ўся вот у чым. 24-га красавіка было падпісана пасведчанне аб рэгістрацыі партыі БНФ. Сам гэты факт можа і не надта цікавы, але ж усе мы ведаем, што ў лютым БНФ ужо рэгістравалі... Дык вось, тое была зусім іншая арганізацыя -- Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, а гэтая -- проста партыя БНФ. Адчуваеце розніцу? Мы таксама не. Прасцей за ўсе адрозніваць БНФы па лідэрах: у лютаўскім галоўны Зянон Пазняк, у красавіцкім -- Вінцук Вячорка. Першы лысы, другі -- не. Вось і ўсё адрозненне. Дададзім яшчэ, што колькасць членаў абедзвюх БНФ складае амаль тры тысячы чалавек і прэтендуюць яны на ролю вядучай апазіцыйнай партыі ў краіне з дзесяцімільённым насельніцтвам. "Германіі - мір і згоду"З такім заклікам выводзіць на плошчу шчыльныя рады брытагаловых канцлер ФРГ Герхард Шродэр. Напярэдадні свята ён выступіў з прамовай, каб грамадзяне Федэратыўнай Рэспублікі адмовіліся ад насілля і мірнымі спосабамі выказвалі свае негатыўныя адносіны да расізму, неанацызму і тэрору. Эх, не тыя зараз часы, каб немцы прайшлі б сваім маршам па вуліцах Нідзерландаў. Там, пад лозунгамі "Каралеве - усе самае прыгожае" галандцы упрыгожваюць свае паселішчы, арганізуюць святочныя гулянні. Дзень Каралевы - гэта вам не Першамай. "Культуру у масы!"Гэты лозунг нясе выбраны прэзідэнтам Расіі Уладзімір Пуцін. У яго калоне яшчэ дзве значныя асобы: прэм'ер-міністры Велікабрытаніі і Японіі, адпаведна Тоні Блэр і Іосіра Моры. Менавіта з іх кіраўнік Расіі пачаў праводзіцьў жыццё стары савецкі заклік. І калі першаму прапанавалі лепшы ў свеце балет, то другому -- лепшы ў свеце Эрмітаж. Пасля чаго абодва, натхненыя рускім мастацтвам, пачалі казаць у адказ слоганы. Яны ўдзячныя Пуцінў за знаемства з прыгожым. "Пуцін - лепшы ў свеце экскурсавод," -- кажуць хорам Блэр і Моры. Стоячы на трыбуне, мы вітаем калону і адначасова адзначаем, што знаемства з вялікай культурай не перашкаджае Брытаніі разам з іншымі краінамі прымаць вельмі непрыемныя для Расіі рэзалюцыі "Раз'яднаем! Манаполіі -- не!"Дэлегаты міністэрства юстыцыі ЗША вітаюць трыбуны рацпрапановай. "Адзіны "Майкрасофт" -- пагроза рынку! Трэба знішчыць яе! Суддзя Джэксан, падзялі кампанію! Гігантам - не!", -- скандуюць Злучаныя Штаты. Зараз будзе створана дзве кампаніі, адная будзе выпускаць вокны (Windows), а другая, так бы мовіць, фіранкі (Word, Excel і т.д.). "Падзяліць нас усе роўна, што падзяліць Макдональдс, -- адказваюць шчыльныя рады пад камандваннем БГ, і апошні дадае. - Адзін рэстаран будзе гандляваць булачкамі, другі -- зелянінай, а трэці - вяндлінай! Тое ж мне святая троіца ў Віскулях!" Дэманстранты ад абодвух бакоў, узброеныя кодэксамі, з насцярогай праходзяць уздоўж адзін аднаго ў розных накірунках. "Смерць хакерам!"Чырвоны транспарант нясуць супрацоўнікі расійскага ўпраўлення "Р". Як гэтаую літару дакладна расшыфраваць ніхто не ведае, а самі супрацоўнікі "Р" не гавораць. Відаць, занадта ўжо сакрэтная ўстанова. Ва ўсім працоўным свеце напярэдадні Першамая прынята здзейсняць нейкі працоўны подзвіг. Для "Р"аўцаў, такім подзвігам стаў захоп імі офіса правайдэрскай кампаніі "Гарант-Парк". Акцыя завяршылася арыштам групы хакераў, якія скралі больш за 18 мільёнаў расійскіх рублёў у тых, хто карыстаецца крэдытнымі картамі. Выкрадаючы нумары крэдытак, злачынцы адмывалі грошы, робячы псеўдапакупкі праз уласны інтэрнэт-магазін. У Расіі змагаюцца з хакерамі -- віншуем. Калона спыняецца насупраць трыбуны і людзі ў чорнай форме ўрачыста спальваюць чучала хакера. "Больш TV"Між тым на ўсталяваным на плошчы агромным экране ідзе прамая трансляцыя з Лос-Анджэлеса. У знак міжнароднай салідарнасці з працоўнымі нашай краіны 1-га мая аб'явілі забастоўку амерыканскія акцёры, якія ўдзельнічаюць у радыё- і тэлерэкламе. Сотні працоуных-акцёраў сабіраюцца ў гарадскім парку і праходзяць па бульвару дзе знаходзіцца большасць офісаў буйных рэкламных агенств. Марш пратэсту адбываецца і ў Нью-Йорку. Над калонай лунаюць сцягі Гільдыі Акцёраў і Федэрацыяй Акцёраў Радыё і ТБ Амерыкі, якія і санкцыянавалі акцыю. Дарэчы, сукупная колькасць членаў Гільдыі і Федэрацыі складае амаль 135 тысяч чалавек. Акцеры патрабуюць сабе долю ад рынка кабельнага ТБ Злучаных Штатаў. Апошнія дэманстранты пакідаюць плошчу. На бруку застаюцца кінутыя кветкі і банты. Самае дрэннае ў любым свяце гэта тое, што свята заканчваецца. Мы пакідаем плошчу і адчуваем легкую зайздрасць да кітайцаў: Першамай у КНР будзе святкавацца цэлы тыдзень. Кіраўніцтва краіны абвясціла, што Міжнародны дзень салідарнасці працоўных павінен дапамагчы яму прыцягнуць больш сродкаў у сферу турызма і забаў. Улады спадзяюцца, што грошы, якія кітайскія працоўныя патрацяць пад час свята, дапамогуць кампенсаваць страты якія КНР панесла ў выніку азіяцкага эканамічнага крызісу. Зайздрасць наша тым часам праходзіць. Тым больш, што і святочных дзен у жыхароў Беларусі значна больш чым у кітайцаў. У тых да апошняга часу ўвогуле былі толькі сем дзен новага года і некалькі выхадных. Нават двухдзённыя ўік-энды з'явіліся зусім нядаўна. Ад рэддакцыі парад дэманстрантаў прымалі Сева Волкаў і Алекс Думбілтаў
|