Хоць ты, Жэня, і жыдовачка, а сала есьці трэба. Адам Глёбус "Тутэйшыя"
Выйшаў чарговы нумар часопіса ARCHE, чарговы з беларускай прынцэсай на вокладцы пад дэвізам: "ЧЫТАЙ НАША, СЛУХАЙ НАША, ШАНУЙ НАША, КАХАЙ НАША". Замест штучных салодзенькіх лялечных тварыкаў з глянцавых вокладак расейскіх ды замежных прадуктаў -- галерэя фатаграфічных вобразаў. Аўтар Алена Адамчык прэзентуе Ўвасабленьне беларускасьці ў выглядзе прыгожай жанчыны, і з дапамогай прыгажосьці і сэксуальнасьці гераінь сваіх фатаздымкаў імкнецца зрабіць прыцягальнай саму нацыянальную ідэю. (Магчымая версія таго, чаму, пачынаючы з нумара, прысьвечанага кабетам, беларусская жанчына зьяўляецца на кожнай вокладцы ARCHE, незалежна ад тэмы часопіса). Першая старонка новага нумару, прысьвечанага габрэям, паказалася спонсарам габрэйскай арганізацыі "Джойнт" зашмат "вызывающей". Але пра сэксуальную рэвалюцыю юдаізму крыху пазьней будзе… Габрэйскі нумар вельмі разнастайны і імкнецца ахапіць усё, пытаньне габрэяў на Беларусі разглядаецца з усіх магчымых бакоў. Тут прысутнічаюць амаль усе варыянты меркаваньняў пра гісторыю габрэяў увогуле і гісторыю тутэйшых габрэяў. Слова дано самым розным крыніцам інфармацыі ды людзям. Адлюстраваны і сьцвярджэньні, што беларусы заўсёды жылі з гэтым народам ў згодзе ды сяброўстве ды супраціўнае -- што яны, як усе іншыя, зьдекваліся над габрэямі, лічылі іх ерэцікамі ды забойцамі. Рыгор Барадулін і Зьмітрок Бядуля шукаюць сумесна створаныя мэлёдыі ды жарты, агульныя для беларусаў і габрэяў прыказкі, прымаўкі. Успамінаюць выпадкі вялікай любові адных да іншых, і тое, як павольна пачувалі сябе габрэі на Беларусі, як добра ім тут жылося і працавалася. "У Беларусі гістарычна ніколі не было антысэмітызму," -- сьцьвярджае Рыгор Барадулін. А Вольф Рубінчык, які адкрывае нам габрэйскія старонкі беларускага Інтэрнэта, больш таго, кажа, што "Гісторыя яўрэяў на Беларусі... гэта ня толькі гісторыя Беларусі, але й гісторыя яўрэяў". І ўвогуле праз шмат тэкстаў ідзе думка, што гэбрэйскі народ павінны быць удзячным краіне Беларусі, якая дазволіла яму захаваць свае традыцыі і разьвіваць культуру ў яе межах. Побач зусім іншае меркаваньне. Ігар Марзалюк у артыкуле "Хрысціяне і габрэі Вялікага Княства Літоўскага" ставіць пад сумненьне факт аб "традыцыйнай талерантнасьці беларусаў і ледзь не поўнай адсутнасці праяў антысемітызму на нашых землях" і кажа, што "падобныя ідэалізатарскія ўяўленні... грунтуюцца на досыць адвольнай выбарцы крыніц." Ён жа абірае іншыя гістарычныя крыніцы і паказвае, як нясьцерпна ставілася да габрэяў хрысьціянская царква: "Для Кірылы Тураўскага, як вынікае з яго "Слова аб сляпцу і аб завісці жыдоў", паняцці "жыд" і "бес" практычна сінанімічныя. Іх вера і звычаі -- не што іншае, як "юдэйскае злабесаванне", а дактрына юдаізму -- гэта просты шлях да пекла, бо закон Майсея "усіх аддасць пад грэх". У зьмесьце матэрыялаў ёсьць сьмешнае, страшнае, сурьёзнае ды жарты. Навуковыя тэорыі і канцэпцыі перамяжаюцца з прыкладамі жывой народнай мудрасьці. Побач з філязофіяй чытаем "Жыдоўскія прыказкі і прымаўкі", сабраныя Аляксандрам Астравухам. Трансляцыя гісторыка-нацыянальнай панарамы зьмяняецца распаведам пра жыццё людзей, пра асобны чалавечы лёс, ў якім падаўжаецца тысячагадовая народная традыцыя. Як у кнізе Джэрама Чарына "Чарнавокая задумленка з Магілёва…" ды маленечкага апавяданьня Адама Глобуса "Тутэйшыя", у якім ён "згадвае даўніх знаёмых габрэяў". Мы бачым габрэйскую тэму ў кантэксьце сусьветных падзей і праблемаў, асабліва тых, што зараз найбольш цікавяць сучаснае грамадства. Варты ўвагі артыкул Дэніса Прэгера -- "Сэксуальная рэвалюцыя юдаізму". Аказваецца, калі б не было Торы тысячагодзьдзі таму, зараз аднаполае каханьне не трапляла б у шматлікія дыскусіі. "... можна сьцьвярджаць, што юдаізм вынайшаў панятак гомасэксуалізму, бо ў старажытным сьвеце сэксуальнасьць не была падзеленая на гетэра- й гомасэксуалізм. Гэты падзел зрабіла Біблія. Да Бібліі сьвет адрозьніваў адно сэксуальнасьць актыўную (партнэр актыўны) й пасыўную (партнэр пасіўны)." Ухвалялася каханьне паміж мужчынам і жанчынай, як адзінае, што можа нарадзіць дзіця. Дарэчы і анэкдотаў пра мужа, які вяртаецца з камандзіроўкі, таксама не было б, таму што менавіта юдаізм "усю моц сэксу лякалізаваў у межах шлюбу". Так што, каб падлічыць, як даўно людзі засумняваліся ў праведнасьці аднаполага каханьня, трэба ведаць узрост Торы. Пра гэтае можна даведацца з артыкула Галіны Сінілы "Народ Кнігі". І яшчэ шмат іншага пра Кнігу, якая для габрэяў ёсьць непахісным аўтарытэтам і уладзе якой яны аднойчы і назаўжды падпарадкаваліся. "Уся наступная культура вырастае як сваеасаблівы каментар да тэкстаў Святога Пісання," і гэта значыць, што аднойчы створаная, Тора зьмяшчае ў сабе адначасова і гісторыю, і сучаснасьць, і будучыню габрэйскага народа, а таксама ўсе патэнцыйныя лініі разьвіцця кожнага габрэйскага лёсу. Не паўстае пытаньня пра таленавітасьць габрэяў, цікавіць адно, дзе яе карані і дзе моц у таго народа, які даўно павінны быў зьнікнуць на працягу столькіх пакутлівых стагодзьдзяў. І пра што бы ні гаварылася: пра Тору, Хрыста, вайну, камерцыю ці сэкс, заўсёды бачна Канстанта габрэйскай нацыі ў дэкарацыях, якія зьмяняюцца на пряцягу часу, залежна ад тэрыторыі, мовы, народаў, ўсяго, што знаходзіцца вакол.
|