 |
Звычка жыць у хворым грамадзтве нават у сталых нонканфармістаў можа выклікаць нязмушанае, паступовае ды незаўважнае падпарадкаваньне ягоным бязглуздым законам. Гэта можна было б лічыць мянтальнай алергіяй, калі б не жахлівыя наступствы для духоўнага здароўя нацыі, якія зь цягам часу закранаюць практычна кожнага, не мінаючы і тых, хто за гэтае здароўе змагаецца. Беларускі шлях да чысьціні і вылячэньня немінуча ляжыць праз Чарнобыль. І ня толькі з той прычыны, што многія сотні тысяч, мільёны беларусаў жывуць у забруджаных радыяцыяй раёнах, вяртаюцца ў сьпехам пакінутыя хаты, з вуглоў якіх нячутна патыхае сьмерцьцю, але й таму, што мы - тыя, каго гэта непасрэдна не закранае, -- фактычна прызнаем за гэтым вяртаньнем у нішто права на існаваньне, зьяўляемся назіральнікамі ды маўклівымі саўдзельнікамі гэтага ненатуральнага працэсу шляхам несупрацьдзеяньня яму… Наступным, характэрным у сваёй антынароднасьці крокам уладаў (вынікі якога вельмі пашырылі маё ўяўленьне аб межах цярпімасьці беларусаў) у бок ужо глябальнага Чарнобыля сталася сёлетняе абавязковае прымусовае разьмеркаваньне (пра нечалавечыя ўмовы якога "Наша Ніва" распавядала ў мінулым нумары) на 3 гады выпускнікоў Менскага Медычнага інстытута ў забруджаныя радыяцыяй раёны Беларусі. Характэрна й тое, што аб разьмеркаваньні 270-ці (!) студэнтаў у Чарнбыльскую зону шчыра паведамілі ў "Радыёфакце." У нас адрымалася пагутарыць зь некалькімі ахвярамі гэтай навалы - яшчэ пакуль што студэнтамі шостага курса медінстытута. Сьвятлана распавядае: "На камісіі па разьмеркаваньні першымі горадамі, куды мне прапанавалі ехаць, былі Хойнікі і Брагін (адны з самых брудных гарадоў на Беларусі -Аўт.). Я катэгарычна адмовілася. Тады мне далі "выбраць" якісьці забруджаны радыяцыяй горад у Магілёўскай вобласьці, альбо такую ж брудную Нароўлю (Гомельская вобл. -Аўт.)… Я родам з Мазыра, 30 кіломэтраў ад Нароўлі. Таксама, лічы, зона. Аднак ніхто і не падумаў разьмеркаваць у свой горад… Чаму ўвогуле падпісвала паперы на разьмеркаваньне? Мне сказалі: "Падпісвай, нават калі ня згодная, пасьля будзем для ўсіх нязгодных паўторную камісію зьбіраць".Я, дурная, і паверыла. Камісію зьбіралі толькі для тых, хто не падпісаў, але й тых там пужалі, я чула, амаль усіх прымусілі падпісаць накіраваньні абы куды… Я хутчэй за ўсё туды не паеду." Шасьцікурсьніца Алена сказала мне, што з васьмі дзяўчын у яе групе тры(!) пабраліся фіктыўнымі шлюбамі зь менчукамі. Яшчэ адной праявай нязгоды былі нядаўнія нешматлікія пікеты каля будынку Медінстытуту, дзе, мяркуючы па колькасьці ўдзельнікаў ды выніках маіх апытаньняў, ЗБС актыўна змагаўся за канстытуцыйныя правы студэнтаў. Самім ахвярам, гэта, як падалося, ня вельмі патрэбна. Адпаведна -- вынікаў няма. Як зазначылі амаль усе апытаныя, гатовых хоць якім чынам змагацца за свае правы - адзінкі. Пераважная большасьць выпускнікоў паедзе ў месцы разьмеркаваньня. Сяброўкі Ксенія ды Люба паедуць адпаведна ў Мозыр ды Хойнікі. Не зважаючы на розьніцу ў радыяцыйным фоне ў гэтых гарадох, дзяўчыны, нават вельмі добра ведаючы, чым гэта пагражае ім ды будучым дзецям (мэдыкі ж як-ніяк), матывуюць сваё рашэньне аднолькава: "адразу даюць кватэру," "вышэйшы заробак," "лягчэй зрабіць кар'еру…" Не палемізуючы па пунктах, можна адзначыць: мы зьяўляемся сьведкамі нараджэньня найноўшай беларускай прагматыкі, паталягічнасьць якой вылічаецца ў людзкай глупасьці ды чалавечых жа жыцьцях. …Нацыя знаходзіцца ў чаканьні таго, што Беларуская Мадонна павінна нарадзіць сымбаль новай Беларусі, новага Беларуса. Які "сымбаль" народзіцца ў чарнобыльскай мадонны - аднаму Богу вядома, аднак, мяркуючы па ўсім, гэта і будзе сучасным жывым адпаведнікам узроўню духоўнасьці нашага грамадзтва. Чакайма… Андрусь Белавокі "Наша Ніва"
|
 |