РайOnline
Перейти к предыдущему номеру. ВЫПУСК №4 Перейти к следующему номеру.
Здорово, когда человек думает одними мыслями!
Откровения от
Хождения
Перст Божий
Очертизмы
Музыкальное Кладбище
Культ
Введите строку для поиска :

І стварыў Бог свет… Сева Волков

Аднойчы і надоўга. І працаваў ён над ім цэлых сем дзён. Тыдзень гэты атрымаўся змястоўным і багатым на стракатыя падзеі. Нехта паспеў пасядзець, нехта — пасівець. Людзі стралялі, гандлявалі, ваявалі, абаранялі жывёл. З усяго гэтага мітуцення яны моцна стаміліся, і вось ўжо недзе на даляглядзе сціпленька (каторы раз ужо!) замаячыла спадзяванне на агульнае па-пралетарску з’яднанае сяброўства. Гэта калі і серп і молат, і «зялёныя» з дохлым пацуком, і нецэнзурна ніхто не выказваецца.…


У Львове на нечарговай сесіі гарадскіх кіруючых органаў было прынята канцэптуальнае рашэнне: на цэлы месяц забаронена публічнае выкананне рускамоўных песень.

Слухай сваё.

Пакусаныя аваднём нацыянальнай самасвядомасці, дэпутаты горада Львова абвясцілі месячнік пад кодавай назвай “Слухай сваё”. Вам гэта нічога не нагадвае? І нам таксама. Хаця год таму Беларуская музычная альтэрнатыва за чыстыя грошы і за не менш чыстую ідэю аналагічную акцыю ўжо праводзіла. Нашыя музыкі тады нават альбом выпусцілі. Невядома, ці заключылі хахлы з бульбашамі ліцэнзійнае пагадненне. Мяркуем, што не. Бо вядома: і малых, і белых, і вялікіх русаў яднае адна палымяная схільнасць — пірацтва. Як жа атрымаць цалкам незалежны і квітнеючы шоу-бізнес? Забараніць маскальскія і буржуйскія песні на радыё! Колькі ўжо Дарэнку з Кісялёвым па ўкраінскім тэлебачанні не паказваюць?! А радыё чым горшае? Вось як трэба змагацца, калі за дзяржаву крыўдна!

Слухай сваіх!

На мінулым тыдні ў галіне самасвядомасці вызначылася таксама і Латвія. У суботу там упершыню адзначылі дзень акупацыі. Здагадайцеся чыімі войскамі. Фашысцкімі? Не — савецкімі!! Фашысцкія там —вызваліцелі. У Рызе прайшло вулічнае шэсце. Найсвядомейшых латышоў, да бязглуздасці адданых сваёй незалежнай краіне, сабралося значна болей, чым якіх-небудзь «рускіх неграў» на 9-ае мая. Рашэнне ж аб афіцыйным адзначэнні свята было прынята сеймам. Прымаючы да ўвагі ўшанаванне ветэранаў SS, няцяжка здагадацца якім чынам вітаюць прэзідэнта Латвіі ў вузкім крузе… Зіг хайль, Вайра!

Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў самы высокі рэйтынг на тэлебачанні маюць спартыўныя трансляцыі і перадачы пра жывёл.

Пераможа самы моцны!!

Адначасова ў Бельгіі і Галандыі праходзіць чэмпіянат Еўропы па футболе. Пераможа мацнейшы. І не толькі на полі. Увогуле ў будучыні прапануем праводзіць чэмпіянат па футболе адначасова з чэмпіянатам боксу, каратэ, самба, а таксама дваровым мардабоі… сярод фанатаў. На гэтым чэмпіянаце галоў, пэўна, будзе забіта шмат…. І не менш будзе пабіта твараў. Прэцэдэнты ўжо ёсць. Спачатку бельгійскія балельшчыкі, пасля таго, як іх зборная прайграла Італіі, пайшлі біць морду ўсім, каго змаглі сустрэць. Потым англійскія фанаты паголенай палітычнай арыентацыі пайшлі біць морду ўжо выключна імігранцкаму насельніцтву Бруселя. Маўляў, сяброўская плюха праз праліў. Праваахоўным органам застаўся толькі адзін сродак, каб супакоіць балельшчыкаў.. Не, не валер’янка — чаромха, у сэнсе, газ. Эх! Туды б беларускі АМАП — СЯДЗЕЛІ б УСЕ… ціхенька на стадыёнах.

Пераможа самы тоўсты??

Эх, вялікая гэта рэч — чалавечая воля да перамогі. CBS транслюе рэпартажы аб прыгодах 16 чалавек, якія былі пакінуты на востраве без ежы. Таму, хто зыйдзе ці спаўзе з вострава апошнім, паабяцалі мільён. Апошні з эпіызодаў глядзелі 23 мільёны чалавек. Усім было цікава даведацца, каго з’ядуць апошнім. Мяркуем, што большасць была незадаволена, бо апошнім з’елі пацука. Абаронцам прыроды гэта асабліва не спадабалася: маўляў, архаічнае і варварскае праслаўленне жорсткасці ў адносінах да жывел. «Зялёныя» вельмі шкадуюць, што іх на востраве не было, а то б яны пацука выратавалі… Дарэчы, пацук гэты па смаку, як кажуць здзічэлыя эксперыментатары, нагадвае… курыцу. І гэта ўжо не падабаецца нам, шчырым гурманам. Бо тады атрымліваецца, што тлустыя камароўскія бройлеры нічым не лепшыя за тлустых камароўскіх пацукоў.

Уладзімір Гусінскі ў аўторак быў затрыманы і змешчаны ў следчы ізалятар Бутырскай турмы. У пятніцу, адседзеўшы некалькі дзён разам з інтэлігентным фальшываманетчыкам, ён быў вызвалены.

Не ўтрымалі??

Медыя-магната абвінавачваюць у махлярстве. І ў асабліва буйных памерах. Інцыдэнт гэты прадэманстраваў, што ў Расіі маецца адзіная незалежная структура — Генпракуратура. Цікава, у якім сэнсе яна незалежная? Ці то яна сапраўды ні ад каго не залежыць, ці то ад яе нічога не залежыць, ці то ўвогуле генпракуроры гэтае слова ўтвараюць ад дзяслова ляжаць? А яшчэ мы даведаліся, што прэзідэнт Пуцін не Бог, і месцамі нават не кіраўнік. Бо ён не тое што не ўсе ведае, а нават і пункт гледжання свой не заўседы мае. А Гусінскаму ў Бутырках якраз спадабалася. І кампанія была прыемная, і ахоўвалі яго лепей, чым на волі, і байкі цікавыя травілі. Нават Уладзімір Вольфавіч Гусінскаму паспачуваў: вызваленне галоўнага мастаўшчыка ен назваў ганебным, бо, маўляў, Расіяй кіруем у такім выпадку не мы, а замежныя арганізацыі (МАСАД, напрыклад).

Не пацэлілі!!

У Расіі распачаты сезон пасадак, а ў Сербіі — пабоек. Апошняй ахвярай стаў лідар апазіцыі спадар Драшкавіч: Вука паранілі ў вуха. Але хацелі, відаць, не проста па вушах настраляць. Бо гэта быў сапраўдны замах. Невядомыя адкрылі па Драшкавічу агонь з аўтаматаў. Дзіўна, але мясцовыя паліцэйскія аказаліся ў гэтым выпадку проста неверагодна кемлівымі і абароцістымі. Не жадаючы загружаць сябе дадатковым клопатам на выхадныя, яны арыштавалі выканаўцу і арганізатара замаху ў пятніцу. Па словах Міністра унутраных спраў Чарнагорыі, тэрарысты прыбылі з Сербіі ў Чарнагорыю спецыяльна для таго, каб забіць Драшкавіча. А вось у Беларусі лідараў апазіцыі не страляюць.

«Мазгі — дзіўная рэч. Яны могуць падавацца на ўцёкі, плавіцца, кіснуць, спрамляцца (калі ў выглядзе звілін). Недзе ў мазгах месціцца памяць, якая можа губляцца, ці захоўвацца.»З лекцыі не па медыцыне.

Страцілі розум

Як лічаць некаторыя аўтарытэтныя таварышы, за апошнія гады з Расіі збегла «мазгоў» на 35-50 мільярдаў долараў. Гэта практычна болей, чым увесь бюджэт Расіі. Збегла каля трох чвэрцяў фізікаў і палова матэматыкаў. Падаліся людзі ў свет (менавіта ж Новы) таму, што зарплату ў свеце Старым ім не плацілі ўвогуле. Аднак ёсць надзея аднаўлення навуковага патэнцыялу. Надзея гэтая ну проста ззяе ў вачах першых асоб ВПК Урала. Толькі вось сумненні ў нас узнікаюць. Памятаеце, як савецкі навуковы патэнцыял першымі асобамі Урала (дый не толькі Урала) ствараўся. Патрэбны новы аўтамат – год турмы, самалет – тры гады за кратамі, падводная лодка – пяць і г.д. Чамусьці генералы тады думалі, што за кратамі мазгі лепей працуюць. А зараз як?

Знайшлі памяць

Пасля перабудовы ужо дзесяць гадоў прайшло, а ў прынцыпе нічога не змянілася: у Расіі па-ранейшаму губляюць, у Амерыцы па-цяперашняму знаходзяць. Нарэшце, ЗША зноў авалодалі ўсімі сваімі ядзернымі сакрэтамі. Ў Лос-Аламасе знайшлі мазгі, дакладней памяць — жорсткія камп’ютэрныя дыскі, якія утрымлівалі інфармацыю з вядомым і такім жаданым для многіх спецслужб грыфам. Лічылася раней, што дыскі зніклі. І ведаеце, дзе яны былі? За капіравальным апаратам у адным з сакрэтных пакояў. Невядома, што гэта: ці то хітры шпіёнскі ход — спачатку ўкрасці, а потым вярнуць; ці то простая чалавечая неахайнасць. Дарэчы, на Захадзе гісторыі са згубленымі камп’ютэрамі з найважнейшай інфармацыяй апошнім часам пачасціліся. Мы бачым у гэтым перамогу расійскай навукі, той самай, якая ў выглядзе мазгоў збягае за Бугор. Заўважце, «РАС-СЕЯ-нность» (калі чалавек нешта сее у розныя бакі і на вялікай тэрыторыі) — вельмі славянская рыса характару. Вынайшлі рускія яе генератар і зараз толькі ходзяць і падбіраюць пакінутыя імперыялістамі ноутбукі. Вядома ж, калі буржуй згубіць — пралетарый знойдзе.

ФРГ гатова да рэструктурызацыі пазык Расіі. Такую заявў зрабіў канцлер Германіі Герхард Шредэр пад час расійска-нямецкага саміту. І магчыма ўжо ў чэрвені Германія гатова будзе пераняць ад Расіі пазыкавыя абавязкі на суму адзін мільярд дойч-марак.

Я-я, герр Пуцін!
Я-я, фюрэр Шрёдэр!

Нямецкая частка паездкі расійскага прэзідэнта па Еўропе была самай удалай. Ен не толькі знайшоў уласны пункт гледжання, але і агульную мову з кіраўніцтвам ФРГ. Гэта была мова нямецкая, праз перакладчыка. Перакладчык быў добры. Выдатна ведаў традыцыі рэйха, таму назваў канцлера Фюрэрам Германіі. Пуцін «памылкі» не заўважыў, хаця нямецкую мову ў разведшколе яму выкладалі добра. І ў Берліне сустракалі яго як пераможцу: правялі праз Брандэнбургскія вароты, паказалі надпісы, пакінутыя сваецкімі графітчыкамі ў 45-ым годзе. А на заканчэнне Уладзіміру Уладзіміровічу далі адчуць сябе амаль што ў ролі Кантарыі і Егорава: прэзідэнт Расіі шпацыраваў па даху Рэйхстага і лазіў аж на самы купал. Дарэчы, Германія спадабалася не толькі прэзідэнту, але і яшчэ адзінаццаці мільёнам расіян, якія ў розныя часы пражывалі на тэрыторыі ГДР. Менавіта гэтых людзей Пуцін лічыць падмуркам для будынка расійска-германскіх адносін. На жаль, ніхто не нагадаў прэзідэнту, што большасць з гэтых адзінаццаці мільёнаў, хутчэй за ўсе, былі салдатамі Заходняй групоўкі войскаў. Вось і мяркуйце, якое супрацоўніцтва меў на ўвазе Пуцін.

Хендэ-хох, альбо колькі тут у вас каштуе “Калашнікаў“?

Між тым, у Расіі наконт супрацоўніцтва з Германіяй ёсць розныя пункты гледжання. Так, у горадзе Ціхвін Ленінградскай вобласці аператыўнікі затрымалі групу чорных следапытаў, якія займаліся несанкцыянаванымі раскопкамі на месцах баёў Вялікай Айчыннай Вайны. Затрыманы яны былі пры спробе прадаць сем кілаграмаў тратылу. Следапыты паказалі ў лесе склад, на якім захоўвалася паўтысячы мін. Супрацоўнікі ФСБ ў Ніжагародскай вобласці таксама выйшлі на гандляроў зброяй. Па справе затрымана чатыры чалавекі. Канфіскавана 19 тысяч патронаў розных калібраў і вялікая колькасць пісталетаў і аўтаматаў. А зараз давайце падлічым, колькі гэта ўсё каштуе на чорным рынку. Потым зробім скідку на тое, што міліцыянеры злавілі не ўсіх і не ўсё канфіскавалі. Тут мы адразу зразумеем, што калі ўсё гэта прадаць, то грошы ў Расіі, каб разлічыцца з Германіяй, з’явяцца. А калі не прадаваць, то могуць узнікнуць розныя «цікавыя» намеры. І ніякае НАТА тады не дапаможа.


Над матэрыялам працавалі: Аляксандр Шаблоўскі, Алекс Думбітлаў і Сева Волкаў.

Друкаваны варыянт чытайце у газеце «Чырвоная Змена» № 95 ад 22 чэрвеня 2000 г.
[Создатели] [Как стать автором] [F.A.Q.]