РайOnline
Перейти к предыдущему номеру. ВЫПУСК №4 Перейти к следующему номеру.
Здорово, когда человек думает одними мыслями!
Откровения от
Хождения
Перст Божий
Очертизмы
Музыкальное Кладбище
Культ
Введите строку для поиска :

Паралельны свет
альбо
як знайсці сувязь паміж Колем и Накао(бел)
Сева Волков

Вядома, што паміж дзвюма нават самымі рознымі з'явамі ці здарэннямі заўсёды можна знайсці паралелі. Трэба толькі шукаць добра. Гэта як у бессмяротным рамане Жуля Верна «Дзеці капітана Гранта». Памятаеце? Якую паралель можна правесці паміж сопкамі Патагоніі і татуіроўкамі Паганэля? Правільна. Трыццаць сёмую! Зразумела, што нам да Верна яшчэ далёка, але ж такія-сякія паралелі ў падзеях апошняга часу і мы знайсці здолелі…


Разведчыкі бываюць рознымі шпіёнамі. Добрымі і вядомымі. Добрыя працуюць на сваю радзіму. Вядомыя ж атрымліваюць узнагароды і… турэмныя тэрміны.

Агенты бываюць розныя: "нашы" і "іхнія", гэта у залежнасцьі ад краіны дзе яны працуюць. "Нашых" называюць разведчыкамі, "іхніх" -- шпіёнамі. "Нашы" заусёды мужныя і добрыя. "Іхнія" па факту злаўлення -- вядомыя. "Нашы" атрымліваюць узнагароды, "іхнія" -- турэмныя тэрміны.

Узнагарода знайшла героя.

10 ліпеня супершпіён Джэймс Бонд нарэшце стаў сэрам. Чатыры дзесяцігоддзі служыў ён верай, праўдай і грашыма Флемінгу, Галівуду і Каралеве, а ўзнагарода знайшла героя толькі ў мінулую сераду і толькі з трэцяга разу. Пэўна таму, што спадар Бонд меў у сваім жыцці не адну інкарнацыю: Шон Конары, Роджэр Мур, Цімаці Далтан, Пірс Броснан… Першая інкарнацыя – лепшая. У мінулую сераду Шона Конары пасвяцілі ў рыцары. Дарэчы, цырымонія адкладвалася цэлы год. А ўсе таму, што Коннары толькі на экране служыць верай і праўдай Каралеве. На самай справе акцёр -- «шчыры» шатландзец, такі ж, як нашыя «шчырыя» беларусы. Шатландскія горцы маюць гонар ужо некалькі стагоддзяў і пад каралевай жыць не жадаюць, хаця і жывуць. Вось Конары за яго грамадзянскую пазіцыю да круглага стала каралевы Елізаветы і вялі цэлы год. Але галоўнае, што пусцілі. На тое яна і Еўропа. А ўявіце сабе Аляксандра Рыгоравіча, які ордэн "За заслугі перад Айчынай" уручае не спадару Зімоўскаму, а Зянону Станіслававічу.

Герой знайшоў узнагароду.

На мінулым тыдні адзін суперсумленны шпіён паўстаў перад судом. У Швейцарыі судзілі ізраільскага разведчыка. Таго самага, якога ў 98-годзе затрымалі пры спробе ўсталяваць прыстасаванне для праслухоўвання ў кватэры члена групоўкі "Хэзбалах". Потым, праўда, адпусцілі, пад чэснае маісейскае. Шпіён, як той прарок, паблукаў недзе, і вярнуўся. Але узнагародай за сумленнасць яму стала не зямля запаветная, а адзін год турэмнага зняволення. Умоўна. Разведчык, вядомы як Ісаак Бентал, зараз адпраўляецца да хаты. Прэм'ер-міністр Ізраіля Эхуд Барак задаволены. Калегі Бентала -- не. Агенты Массада былі ўзрушаны абыякавасцю свайго кіраўніцтва да лёсу Бентала. Пэўна, на іх думку, трэба было арганізаваць спецаперацыю і выкрасці агента прама з залы суда. Кіраўніцтва на гэта не пайшло. У выніку некаторыя супрацоўнікі ў знак пратэсту нават спынілі аператыўную работу. Забастоўка агентаў спецслужбы -- такое здарылася ўпершыню. На тое ён і Ізраіль. А зараз уявіце сабе кастрычнік, сямнаццатае. Узброеныя камянюкамі дэманстранты разгублена шукаюць на вуліцы Платонава міліцыю. А ў бліжэйшым гастраноме здзекліва пачэсваюць вольныя ад дубінак далоні: "Не дачакаецеся!".

“Выпрабаванні сістэмы супрацьракетнай абароны ЗША зноў праваліліся. Ракеты па цэлях не папалі”

Чарговая "дэгустацыя" амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны скончылася. У цяперашнім выкананні пітво не функцыянальнае: такія "дровы", як наш "Топаль-М", "устаўляюць" значна лепей. Між іншым, днямі Расія як раз збіраецца запусціць міжкантынентальнае "палена" (па заходняй класіфікацыі – СС-27). Відавочна, робяць выснову каментатары з "The Times", гэты запуск будзе адказам Расіі на выпрабаванні амерыканскай "сівухі". Расійскія ракетчыкі гавораць, што запуск "Топаля" планавы, і ніякай сувязі з амерыканскімі выпрабаваннямі не мае, хаця па галаве настукаць можа. І балюча…

Натаўцы ў Галівудзе

Галівудскі прадзюсэр Джордж Лукас у мінулым годзе ўдала рэанімаваў свой славуты серыял "Зорныя войны". А люкі скайуокеры з Пентагона вырашылі адрадзіць даўні праект Стратэгічнай Абароннай Ініцыятывы. Паўночнай Карэі, відаць, спалохаліся. У адрозненне ад Лукаса, здаравенныя мужыкі-палкоўнікі пацэлілі ў белы свет, як у капейку. Трэцяя ракета, як і другая, трапіла ў кішэню налогаплацельшчыкаў, і зрабіла ў ім значныя спустошванні. Гаворка ідзе пра сто мільіёнаў даляраў. Прычым вынікі выпрабаванняў нічога не вырашалі. Вырашалі ўсё амбіцыі ўсемагутнага ВПК. А інтарэсы гэтага "дзядзькі" заўсёды аднолькавыя і проста-прымітыўныя, як ўмоўны рэфлекс тупаватага каўбоя: дастаў кольт – страляй! Вось і шпуляюць хлопцы ва ўсе бакі… Ну і хай сабе міма. Не такая ў іх мэта -- пацэліць. Амерыка гэта вам не Расія: за пападанне прэмій не даюць.

Рускія ў космасе

Дарэчы. Запуск "Топаля" будзе праводзіцца не з Камчаткі, як напісала брытанская "The Times", а з паўночнага касмадрома Плясецк. З гэтай нагоды ўзнікае дзве заўвагі.

Па-першае, ні месца старту, ні вынікі запуску ніякай ролі не адыгрываюць, бо амерыканская супрацьракета ўсё роўна ў цэль не трапляе.

Па-другое, калі так смела, як гэта робяць натаўскія "бакланы", "матаць на зад" стужку гісторыі, то можна не толькі да гонкі ўзбраенняў дакруціцца. Можна вярнуцца, напрыклад, у дакалумбавую эпоху, калі ніякай Амерыкі не існавала. Што і тлумачыць факт адсутнасці ядзернай зброі ў старажытных славян.

Турызм — адна з найбольш прыбытковых і развітых галін сучаснага бізнэсу. У многіх краінах прыбыткі ад вандроўнікаў складаюць большую палову валавога ўнутранага прадукта

Прыязджайце – сустракаем!

Мэр кіпрскай сталіцы прапанаваў стварыць да кастрычніка спецыяльныя атрады з работнікаў муніцыпалітэта, якія разам з паліцыяй будуць мець права спыняць любы аўтамабіль і глядзець, ці ёсць у выхлапных газах атрутныя рэчывы. Мы лічым, што выклікана гэта было толькі адным — клопатам пра турыстаў. Справа ў тым, што амаль усе рэкламныя ролікі пра Кіпр пачынаюцца з аднаго і таго ж: “Пяшчотнае мора і чыстае паветра зробяць ваш…” Карацей, тэлевізар глядзелі – бачылі. Дык вось, калі мора на Кіпры сапраўды пяшчотнае, то з чысцінёй паветра ўзнікаюць некаторыя цяжкасці. Апошнім часам забруджанасць паветра ў Нікасіі не толькі перавысіла ўсе дапушчальныя нормы, але і стала рэальнай пагрозай для здароўя людзей ў гэтай самай сталіцы адпачываючых.

Дарэчы, ўладальніка “атрутнага” аўтамабіля прымусяць плаціць вялізны штраф… ці пасадзяць у турму.

І сустрэлі – і сустрэлі

На Філіпінах аб турыстах клапоцяцца па-свойму. Краіна гэта экзатычная, і для нармальнага чалавека не заўсёды зразумелая… Гарэлка лепшая у нас, мора больш пяшчотнае на Кіпры. А на Філіпінах што? Ну няма там фірмовых нацыянальных турысцкіх “фішак”. Таму Урад прапаноўвае турыстам новы атракцыён: захоп заложнікаў. Зараз пад кіраўніцтвам вопытных ісламскіх спецыялістаў яго тэстуе група з 21 замежнага дабраахвотніка. Прычым ўсе яны настолькі захоплены гульнёй, што дадому вяртацца быццам бы і не збіраюцца. Зразумела, што такі паварот справы не ўзрадаваў кіраўнікоў буйнейшых Еўрапейскіх дзяржаў: заложнікаў утрымліваюць ужо больш за месяц — час адпачынку скончыўся… А працаваць хто будзе? А калі ўсе так на Філіпіны з’едуць? Карацей кажучы, прэзідэнт Францыі Жак Шырак, які наведаў Германію з візітам, заявіў, што: “…абедзве краіны прыкладаюць самыя актыўныя сумесныя намаганні па вызваленні захопленных”. Ад сябе дададзім, што нашыя бізнэсмэны гульню ў заложнікаў засвоілі значна раней за філіпінцаў. А таму ехаць кудысьці за тры мора ім і не варта. Сапраўды, гарэлка лепшая у нас, а мора – на Кіпры.


“Ты грошы скраў?”—“Не!
“А сейф у банку ламаў?” —“Так!”
“ Грошы з сейфа браў?”— “Так!”
“ Так ты ж грошы скраў?” — “Не, не я!”
“А хто?”
(З судовага пратакола)

Свабода сумлення.

Некаторы час таму былы канцлер ФРГ Гельмут Коль паўстаў перад спецыяльнай камісіяй па раследванні справы аб незаконных ахвяраваннях у касу Хрысціянска-дэмакратычнай партыі. У камісію Коля выклікалі аж праз сем месяцаў пасля пачатку скандала. Гэты тэрмін не вельмі станоўча паўплываў на памяць спадара Гельмута. Лідар ХДС адхіліў усе абвінавачванні ў карупцыі. Аднак экс-канцлер прызнаўся, што сапраўды прыняў некалькі незаконных ахвяраванняў на суму больш за два мільёны марак. Усе яны не былі належным чынам праведзены праз бухгалтарскія кнігі, і Коль вельмі шкадуе аб гэтым. Дарэчы імёнаў ён не называе. Атрымліваецца, што грошы браў, але гэта не хабар. Адпаведна, сумленне – чыстае. Хаця ўсё роўна зараз “канцы ў вадзе”: пасля паражэння на выбарах у канцылярыі ўрада былі знішчаны камп’ютарныя файлы – 700 мегабайт у тэкставым фармаце (самае меншае 28 000 старонак).

Свабоду будаўнікам

Калі Гельмута Коля спрабуюць прыцягнуць да адказнасці толькі праз два гады пасля завяршэння яго паўнамоцтваў, то ў Японіі барацьбіты з карупцыяй дзейнічаюць больш аператыўна. Не паспеў нават былы міністр будаўніцтва Эйці Накао зразумець, што прайграў на выбарах у ніжнюю палату парламента, як апынуўся у кутузцы. 25 чэрвеня ён не здолеў набраць неабходнай колькасці галасоў і аўтаматычна пазбавіўся дэпутацкай недатыкальнасці. У пятніцу яго паліцыя арыштавала. А падазраецца Накао ў хабарніцтве. Займаючы розныя міністэрскія пасады, ён атрымаў ад розных зацікаўленых асоб грошай на суму 30 мільёнаў іен (280 тысяч долараў). Такім чынам, Германіі аб’яднанне каштавала мільён далараў, а Японіі яе хмарачосы – 280 тысяч. Можа таму і сеў Накао першым, што браў меней.

Сева Волкаў, Антось Сідарэнка і Аляксандр Шаблоўскі

Друкаваны варыянт читайце на старонках «Чырвонай змены» №106 ад 13 ліпеня 2000 года

[Создатели] [Как стать автором] [F.A.Q.]